Беларуская Служба

Паліна Шарэнда-Панасюк: Наступны год — і мы ў Беларусі 

11.10.2025 08:04
Паліна Шарэнда-Панасюк дзеліцца ўспамінамі пра суд, гады ў ізаляцыі, сустрэчу на волі і пра тое, што лічыць галоўным для беларусаў у выгнанні.
Аўдыё
  • Паліна Шарэнда-Панасюк: Наступны год — і мы ў Беларусі 
 -
Паліна Шарэнда-Панасюк у Вільні праз некалькі дзён пасля вызваленнякрыніца: сацсеткі Андрэя Шарэнды

— Паліна, я калі вас бачу, мне ўзгадваецца той дыялог падчас суда над вамі, калі вы не прызнавалі суддзю і не падпарадкоўваліся яго загадам. Той дыялог застанецца ў нашай гісторыі назаўсёды. Гэта было нешта самае незвычайнае, калі нават узяць усе працэсы над удзельнікамі пратэстаў 2020 года. Вы памятаеце той суд?

— Па-першае, гэта быў ні ў якім разе не суддзя. Я і зараз скажу, што гэта быў бандыт, які проста прадстаўляў гэтую злачынную групоўку Лукашэнкі. І, адпаведна, паводзіць сябе з бандытам трэба як з бандытам: па-першае, называць іх бандытамі, па-другое, акрэсліваць менавіта іх дзеянні як бандыцкія. Мне вельмі непрыемна, калі ў дачыненні да таго, што робіцца ў Беларусі, у дачыненні да палітзняволеных выкарыстоўваюцца словы «адбывае пакаранне», «прысуд» і г.д. Гэта ўсё трэба браць у двукоссе.

Я прыхільніца таго, каб называць рэчы сваімі імёнамі. Так, яны палітзняволеныя, але яны закладнікі, яны ваеннапалонныя. Суддзі — гэта не суддзі, а выканаўцы злачынных загадаў нелегітымных уладаў, і ўсе гэтыя прысуды нелегітымныя. Таму трэба казаць, што гэта не прысуды, а помста, і людзі не адбываюць пакаранне, а пад выглядам дэкаратыўных паперак знаходзяцца ў закладніках.

— Вы ўжо шмат распавядалі ў іншых інтэрв’ю, праз што давялося прайсці ў закладніках. А як вы цяпер на волі сябе адчуваеце, ці ўдалося ўжо вярнуцца ў нармальнае жыццё?

— У мяне было дакладнае разуменне, хто я і што я, чаму так адбываецца ў Беларусі, чаму мяне схапілі, чаму мяне трымаюць. І вось гэта разуменне, гэты ўнутраны стрыжань дапамагаў трымацца ўсе гады, нягледзячы на тое, што была абсалютная ізаляцыя ад таго, што адбываецца звонку, ад лістоў, ад сустрэч з роднымі.

Але заставалася разуменне, што адбываецца ў Беларусі і што палітвязні і іх сем’і не кінутыя, а за іх вядзецца змаганне і на міжнародным узроўні. І чаканне, што гэты ціск дасць вынікі, прывяло да таго, што гэтыя вынікі ёсць. Менавіта пад ціскам была вызваленая і я, пачалося вызваленне груп людзей, якіх рэжым выкідвае з Беларусі. І тым не менш людзі апынуліся на волі. Я ўпэўнена, што многія з іх працягнуць змаганне за вольную Беларусь.

— Вы ўжо на волі змаглі самі пабачыць, як вядзецца праца па дапамозе палітвязням і іх родным. Як бы вы ацанілі гэтую працу валанцёраў, грамадскіх арганізацый, фундацый?

— Гэта цудоўна і фантастычна. Сапраўды, у гісторыі Беларусі такой з’явы раней практычна не было. Палітвязні ў Беларусі ёсць з канца 90-х, і мы бачым, што зараз самаарганізавалася, выбудавалася сістэма. Гэта сведчыць, як казаў Статкевіч, што нацыя саспела, што мы прайшлі гэты шлях за трыццаць гадоў і прыйшлі да таго, што самі навучыліся самаарганізоўвацца, зразумелі каштоўнасць адзін аднаго, каштоўнасць падтрымкі.

Разам мы пераможам, разам пераадолеем усё. І сапраўды, калі я выйшла на віленскім вакзале ў тую лютаўскую ноч і пабачыла дзясяткі людзей са сцягамі, плакатамі, кветкамі… У мяне слёзы на вачах выступілі, бо гэта было тое, за што мы змагаліся ўсе гэтыя доўгія гады: каб людзей сустракалі так, як мусяць сустракаць палітвязняў.

— Паліна, як вам бачыцца цяпер на волі ваша будучыня? Чым плануеце займацца?

— Як маці, як жанчына, я працягваю займацца сваімі дзецьмі, якія чатыры гады, на жаль, без мяне жылі, выраслі, крыху сфармаваліся як асобы. Я мушу аддаць ім доўг маці. А як грамадскі і палітычны актывіст працягваю тую працу, якую рабіла ў Беларусі. Наша мэта — вольная, незалежная беларуская дзяржава. І мы будзем усімі даступнымі сродкамі змагацца за яе.

— Цяпер такая няпэўная сітуацыя, калі нават немагчыма паехаць у Беларусь, невядома наогул, што нас чакае. Тут, у эміграцыі, якую найважнейшую задачу ставіце перад беларусамі, каб наблізіць вяртанне на радзіму?

— Калі мне задаюць такое пытанне — што рабіць, калі фактычна няма дзяржавы і фактычна мы не маем ніякага ўплыву на тое, што адбываецца ў Беларусі, я заўсёды прыводжу прыклад габрэйскай нацыі, якая была пазбаўлена сваёй дзяржавы дзве тысячы гадоў і змагла праз тысячагоддзі пранесці ідэю гэтай дзяржавы, адрадзіць яе. І кожны новы год яны сустракалі словамі: «Наступны год у Іерусаліме». Нам трэба браць прыклад з іх.

У сваім сэрцы мы мусім трымаць тое, што «наступны год у Беларусі». Для гэтага мусім падтрымліваць адзін аднаго, ствараць праструктуры дзяржавы, мець падрыхтаваных людзей, якія змогуць ачоліць краіну, быць міністрамі, спецыялістамі ў розных галінах. Мы мусім мець падрыхтаваных кіраўнікоў. Таму трэба займацца сабой, сваімі сем’ямі, адукоўвацца і працаваць. Рабі што трэба — і калі ты будзеш гэта рабіць, то яно будзе. Трэба ўпарта ісці да мэты, і як бы там ні было, трэба ўпарта ісці да гэтай мэты.

Слухайце аўдыё!

Павел Залескі